Аб'ект тэракту - метро (13.04.2011)


Download videos:
hd720 medium

Дзеля дасягнення сваіх мэтаў тэрарысты выбіраюць самыя ўразлівыя і шматлюдныя месцы. Метрапалітэн -- ідэальная мішэнь. Выбух у Менску, на жаль, папоўніў доўгі спіс тэрарыстычных актаў у метро. З тою толькі розніцаю, што тэрарысты, якія б узялі адказнасць за злачынства, здзейсненае ў беларускай сталіцы, так і не назвалі сябе. Як дзеюць экстрэмісты ў свеце? Падазраваныя ў справе выбухаў у менскім метро прызналі сваю віну ўжо на другі дзень пасля трагедыі.А вось уладам Японіі шукаць здзяйсняльнікаў тэрактаў у такійскім метро ў 1995 г. не прыйшлося. Адказнасць за злачынства, у выніку якога загінулі 12 чалавек, а каля 4 тыс. пацярпелі, узяла на сябе секта «Аум Сінрыкё». На 16 станцыях метро тэрарысты замест традыцыйнай выбухоўкі ўжылі атрутнае рэчыва зарын. Толькі пасля 10 гадоў следства суд прызнаў вінаватым лідара групы і пакараў яго смерцю. 190 чалавек сталіся ахвярамі тэракту ў Мадрыдзе, які адбыўся за тры дні да прэзідэнцкіх выбараў у 2004 г. Амаль тры гады пракуратура збірала матэрыялы, алё так і не атрымала важкіх доказаў віны падсудных. Першапачаткова ў тэрактах падазравалі басконскіх сепаратыстаў, але пазней высветлілася іхная невінаватасць. Неўзабаве адказнасць за напады ўзялі на сябе ісламскія групоўкі, звязаныя з «Аль-Каідаю». Наўпроставыя ж выканаўцы тэракту -- сямёра выхадцаў з арабскіх краінаў -- узарвалі сябе з дапамогаю «паясоў шагідаў», калі іх акружыла паліцыя. На год пазней у Лондане падарваліся адразу тры цягнікі метрапалітэну і аўтобус. Загінулі 52 чалавекі, каля сямісот атрымалі раненні. АХВЯРА ТЭРАКТУ Ў ЛОНДАНЕ: «Я быў у першым вагоне, пачуў гук, з'явіўся дым і людзі пачалі крычаць». Імёны чатырох злачынцаў, выхадцаў з арабскіх краінаў, Скотлэнд-Ярд высветліў не адразу. Тэракт здзейснілі самагубцы. Тэракты бударажаць і расейскую сталіцу. Апошнія два выбухі ў маскоўскай падземцы здзейснілі год таму дзве тэрарысткі-смяротніцы з Паўночнага Каўказу. УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭМ'ЕР-МІНІСТР РАСЕІ: «У Маскве здарылася страшнае злачынства супраць грамадства. Мы зробім усё, каб знайсці і пакараць тых забойцаў». У выніку атакі загінулі 40 чалавек, а больш за 100 атрымалі раненні. Вольга Саўле, «Аб'ектыў»



Tags:
Аб'ектыў тэракты ў метро